У Рэспубліцы Беларусь налічваецца 178 дзіцячых дамоў, на забеспячэнні дзяржавы знаходзіцца 32207 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (ncpi.gov.by). На жаль, гэтая лічба з кожным годам павышаецца і павышаецца, а гэта значыць, што ўсё больш дзяцей не адчуваюць бацькоўскага цяпла. Дадайце да гэтай лічбы і так званых сацыяльных сірот - і што атрымаецца?
Выкараніць праблему цалкам узяўся б толькі Дон Кіхот. Мы толькі паспрабавалі і спрабуем даць хаця б некаторым дзецям цяпло і радасць. Мы хочам нармальнай, г.зн. маральна і сацыяльна ўстойлівай будучыні для сябе і для дзяцей, што трапілі ў інтэрнаты.
На сёння атрымалася з’ездзіць толькі ў два дзіцячыя дамы: №6 у г. Мінску і Ждановіцкі дзіцячы дом для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Не так і шмат па колькасці, але праблема не толькі ў нас: большасць дзіцячых дамоў адмаўляецца ад супрацоўніцтва з валанцёрамі. Хто ў нашай краіне захоча паказваць свае хібы абсалютна незнаёмым людзям?
Тэматыка паездак розная. Калі ў шостым дзіцячым доме патрэбны развіваючыя школьныя праграмы, бо шмат дзетак яшчэ ў пачатковых класах сутыкаюцца з праблемамі ў навучанні, то ў Ждановічах – гэта развіваючыя гульні з дашкольнікамі.
Няхай вас не пужае назва ждановіцкага інтэрната - «з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця». Гэта зусім не значыць, што дзеткі там абсалютныя «дэбілы» і «аўты». Канечне, ёсць і цяжкія групы, але з імі працуюць людзі са спецыяльнай адукацыяй. Нам жа выдзяляюць дзяцей з затрымкай развіцця. З затрымкай гэтай, насамрэч, можна справіцца, хаця зрабіць гэта значна прасцей у сапраўднай сям’і.
Не буду хаваць, з’ездзіўшы да дзетак некалькі разоў, ужо маеш сваіх улюбёнцаў. І няхай вам нічога не скажуць імёны Стасік і Каця, Ванечка і Хрысціна, Максім, але для нас гэта свой характар, свая асаблівасць. Ты едзеш у Ждановічы і ведаеш, што там цябе чакаюць, што дзеці рады будуць расфарбоўваць і гуляць “у лідэра”, глядзець лялечны спектакль. Ведаеш, што напрыканцы паездкі будзе шчыміць сэрца, калі цябе назавуць “мама”. Ведаеш, што не прыехаць яшчэ раз сюды проста не зможаш.
Мы маем шмат планаў: хочам правесці конкурс-маляванку сярод рэгіянальных дзіцячых дамоў, а потым зладзіць выстаўку найлепшых работ, мы хочам выдаваць свой дзіцячы часопіс, мы хочам праводзіць конкурсы і развіваючыя гульні для дзетак без бацькоў, мы хочам… Спіс можна працягваць доўга, галоўнае, што мы хочам дапамагчы. У нас велізарныя планы, цалкам магчыма, што занадта смелыя. Але, як той дасведчаны казаў: ”было б жаданне, а магчымасць заўсёды знойдзецца”.
P.S. Мы заўсёды рады новым людзям і любой дапамозе.
Кантакты: 1285254 (Паліна) і 5039760 (Віка)
Здесь, через социальные сети, вы можете открыть новости, статьи, файлы сайта zabej.info для друзей:
Добавить комментарий